ЛІСТАПА́ДАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918у Германіі, Германская рэвалюцыя,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя ў Германіі ў канцы 1-й сусв. вайны (пачалася ў ліст. 1918 — адсюль назва). Выклікана вял. стратамі, цяжкім становішчам (асабліва харчовым) і абмежаваннем канстытуцыйных правоў насельніцтва ў час 1-й сусв. вайны, бесперспектыўнасцю вайны супраць намнога большых сіл анты-герм. кааліцыі (Антанты). Непасрэдная яе прычына — спроба ўлад ліквідаваць паўстанне ў г. Кіль ваен. матросаў (3—4.11.1918), якія адмовіліся выканаць загад герм.вярх. камандавання аб прарыве англ. блакады. Да 7—8 ліст. хваляванні, у ходзе якіх на ўзор Сав. Расіі ствараліся органы рэв. улады — Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, ахапілі ўсе буйныя гарады і прамысл. цэнтры Германіі. Ва ўмовах паўстання рабочых і салдат Берліна 9 ліст. ад прастола адрокся кайзер (імператар) Вільгельм II (эмігрыраваў), пайшоў у адстаўку канцлер прынц Макс Бадэнскі; Ф.Шэйдэман абвясціў Германію рэспублікай, а К.Лібкнехт — «сацыяліст. рэспублікай». 10 ліст. агульны сход Саветаў у Берліне стварыў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных (СНУ) на чале з Ф.Эбертам. 11 ліст. СНУ заключыў перамір’е з Антантай. Спрэчкі паміж найб. уплывовымі паліт. сіламі рэвалюцыі — Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі і Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі — вакол пытання «ўлада Саветаў або Нацыянальны сход?» у выніку 1-га з’езда Саветаў (16—21.12.1918) вырашаны на карысць выбараў у Нац. ўстаноўчы сход 191.1919. Гэтымі выбарамі, выбарамі прэзідэнтам дзяржавы Эберта (11.2.1919) і ўтварэннем адказнага перад парламентам урада (13.2.1919) рэвалюцыя завершана; у Германіі ўстаноўлена Веймарская рэспубліка. У час рэвалюцыі мелі месца спробы яе трансфармацыі на ўзор Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (напр., абвяшчэнне ў студз. 1919 у г. Брэмен сав. рэспублікі) і праявы грамадз. вайны (баі ў студз. 1919 паміж лева- і праварадыкальнымі сіламі ў Берліне і інш.).
Літ.:
Драбкин Я.С. Ноябрьская революция в Германии. М., 1967;
Орлова М.И. Германская революция 1918—1919 гг. в историографии ФРГ. М., 1986.
Да арт.Лістападаўская рэвалюцыя 1918 у Германіі. Узброеныя матросы, салдаты і цывільныя асобы на вуліцы Берліна.